Госьцем гэтага тыдня ў «Белым сьпісе» — Наста Шпакоўская, вакалістка гурта Naka. Летась на пачатку году яна напісала песьню пад назвай «Всех забрали», якая стала ў пэўным сэнсе пераломнай для яе гурта. У тым пляне, што менавіта з гэтага моманту ў музыкаў пачаліся цалкам рэальныя праблемы — іх творы ў Беларусі зьнялі з ратацый, выступаць з канцэртамі стала таксама праблематычна. Працытую заяву гурта тых часоў з нагоды прэзентацыі гэтага трэка: «Мы адрасуем сваё пасланне тым людзям з разумнай галавой і чыстым сумленнем, якія змагаюцца за свае правы ў Беларусі, Расеі, Тунісе, Эгіпце...Не магу лішні раз не заклікаць прадстаўнікоў улады заглянуць да сябе ў душу, каб адказаць на галоўнае пытаньне — што застанецца пасьля мяне?». Што думае Наста пра той свой учынак цяпер і як паўплывалі рэпрэсіўныя меры ў дачыненьні да гурта на яе думкі і творчасьць — пра гэта і пагутарым сёньня.