Алег Хаменка — саліст, аўтар музыкі, кіраўнік гурту «Палац».
У школьныя часы вучыўся па клясе трамбону, у 1990 годзе (зь перапынкам на службу ў войску) скончыў Менскі інстытут культуры, эстрадна-духавую катэдру.
У 2007 годзе скончыў асьпірантуру ва Ўнівэрсытэце мастацтваў і культуры (культаралёгія). Цяпер працуе тут на катэдры мэнэджмэнту сацыяльнай і культурнай дзейнасьці і вядзе курс «Тэхналёгіі прадусаваньня».
У музыцы з 1987 году.
У 1992 годзе — у гурце «Палац», назву якога і прыдумаў.
Лічыцца стваральнікам новага кірунку ў сучаснай музыцы — «фольк-мадэрн». Разам з гуртом выступаў на розных фэстах, зладжаных дзяржаўнымі ўстановамі й мясцовымі ўладамі — «Зов Полесья», «Маладзечна», «Славянскі базар», прадстаўляў краіну на міжнародных фэстывалях, неаднаразовы ўдзельнік «Басовішча».
Уваходзіў у Рэспубліканскую грамадзкую раду па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў (2010).
Арганізатар фэстывалю Bela Music, кансультант і вядучы шэрагу іншых буйных беларускіх незалежных фэстываляў.
Аўтар і вядучы шэрагу праграмаў на тэлебачаньні і радыё (тэлеканал «Лад», «Радыё Мінск», «Аўтарадыё», «Радыё Рацыя»).
Суаўтар (разам з Алесем Камоцкім) афіцыйнага гімну ХК «Дынама» (Менск).
Аўтар праекту «Беларускія народныя казкі».